Сорак кіламетраў мігатлівых агнёў: зімовая казка ў брэсцкім парку Міра

16.12.2022


Абнаўленне святочнай ілюмінацыі ў парку Міра ў Брэсце ўжо стала добрай навагодняй традыцыяй. Штогод у сярэдзіне снежня кампанія “Савушкін прадукт” рыхтуе жыхарам і гасцям горада сюрпрыз: як і чым у гэтым сезоне будзе ўпрыгожана тэрыторыя самога парка і прылеглых вуліц?

Светлавыя інсталяцыі, гірлянды, казачныя персанажы і 12-метровая ёлка ў святочным убранні: лепшыя навагоднія фота на памяць вы напэўна зробіце тут – па вечарах парк Міра літаральна мігаціць тысячамі дыёдаў.


З’явіліся дзве новыя фотазоны, дзе кожны зможа захаваць свае эмоцыі, – цудоўны васьміметровы фантан на 33400 міні-лямпачак і стыльны раяль у асяроддзі танцуючых пар з ліхтарыкамі.


Пляцоўка ля галоўнай навагодняй ялінкі і стометровая цэнтральная алея накрыты “зорным небам”. Агульная даўжыня навагодніх гірляндаў, якія выкарыстоўвалі для ўпрыгожвання парка сёлета – каля 40 000 м! Россып агнёў стварае атмасферу сапраўднай зімовай казкі, якая не пакіне абыякавымі ні дзяцей, ні дарослых. У такіх рамантычных месцах звычайна і хочацца загадваць свае запаветныя навагоднія жаданні: у тое, што яны ажыццявяцца, верыцца па-сапраўднаму.


Вакол ёлачкі размясціліся яркія снегіры і казачныя дрэвы, бліжэй да вуліцы Ленінградскай – сям’я з трох мядзведзяў.

Наведвальнікаў сустракаюць і любімыя героі – Каманда Санты – вясёлы квартэт снегавікоў-музыкантаў і чароўныя алені ў аблоках.


Асноўныя ўваходы на тэрыторыю пазначаны дзвюма аркамі ў выглядзе гадзіннікаў. На скрыжаванні Партызанскага праспекта і вуліцы Янкі Купалы здалёк відаць вялікі шар са стужкай.

З боку вуліцы Ленінградскай размясціліся гіганцкія 5-метровыя ёлкі, не забыліся і пра жывых хваёвых прыгажунь з боку Партызанскага праспекта, якіх дэкарыравалі бліскучымі навагоднімі цацкамі. Ствалы дрэў па вуліцы Я. Купалы ўпрыгожаны ілюмінацыяй у выглядзе карон і бакалаў.

“Парк Міра з нецярпеннем чакае гасцей. Мы пачалі падрыхтоўку праекта за некалькі месяцаў да Новага года і ўклалі ў яе шмат душэўнага цяпла, старанна выбіраючы кожны аб’ект. Вельмі імкнуліся стварыць навагоднюю казку для кожнага і хочацца верыць, што ў нас гэта атрымалася. Напярэдадні самага доўгачаканага свята не пераставайце верыць у цуды, атачайце ўвагай блізкіх вам людзей. Няхай здзяйсняюцца мары!” – адзначылі ў кампаніі “Савушкін прадукт”.

Святочнае афармленне тэрыторыя захавае да сярэдзіны студзеня.


Відэаролік пра парк можна паглядзець па QR-кодзе: