Распаўсюджаная праблема невялікіх вясковых населеных пунктаў — недахоп або поўная адсутнасць спецыяльна абсталяваных месцаў для вольнага часу дзяцей. Не было выключэннем і Зарэчча — самая шматлікая з вёсак Бярозаўскага сельсавета.

Сёння ў Зарэччы — 517 жыхароў; з іх 310 — людзі працаздольнага ўзросту, а 135 — дзеці, значная частка якіх — дашкольнікі і малодшыя школьнікі.
Да нядаўняга часу ўся забаўляльная інфраструктура для зарэчанскiх рабятаў была прадстаўлена немудрагелістым воркаўт-камплектам, які складаецца са шведскай сценкі, брусаў і кольцаў, ля сельскага дома культуры. Зараз жа побач з iм з'явілася новенькая дзіцячая пляцоўка з арэлямі, горкай, каруселлю, якая адразу спадабалася дзецям.
Ідэю добраўпарадкавання ад мясцовага сельсавета падтрымала кампанія "Савушкін прадукт", узяўшы на сябе фінансаванне будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі.
Пляцоўка для гульняў у Зарэччы — працяг доўгатэрміновага сацыяльнага праекта кампаніі, накіраванага на ўмацаванне сямейных каштоўнасцяў і здаровага ладу жыцця. Раней "Савушкін прадукт" ужо абсталяваў спартыўна-забаўляльныя комплексы ў буйных гарадах рэгіёну — Брэсце, Століне, Баранавічах, Бярозе, а таксама размясціў дзіцячыя пляцоўкі ў Відамлi, Светачы і іншых невялікіх населеных пунктах на Брэстчыне.
