Бярозаўскі сыраробны камбінат за год уліўся ў «Савушкін прадукт»

01.10.2019

«Савушкін прадукт» завяршыў працэс інтэграцыі ў сваю структуру Бярозаўскага сыраробнага камбіната. За год у мадэрнізацыю прадпрыемства брэсцкая кампанія ўжо ўклала 20 млн рублёў. Інфармацыю пра гэта пацвердзілі на самім камбінаце.

Рэарганізацыя БСК завяршылася 1 кастрычніка. Яго пляцоўкі ўвайшлі ў склад ААТ «Савушкін прадукт» у якасці вытворчага філіяла кампаніі ў Бярозе з вытворчымі цэхамі ў Івацэвічах і Іванава.

На Бярозаўскім сыраробным камбінаце цяпер мадэрнізуюць ключавыя вытворчасці. Рэканструкцыю пачалі з цэха прыёмкі малака, а паралельна пашыраюць цэхі па вытворчасці, паспяванню і захоўванню сыроў. Вытворчыя магутнасці павялічаць і па іншых напрамках.

У бліжэйшай перспектыве ў Бярозе ўсталююць новую лінію па вытворчасці сыру, якая дазволіць нарасціць аб’ёмы выпуску сыроў да 100 тон у суткі. Тут размесціцца самая буйная ў краіне сырная вытворчасць.