"Савушкін прадукт" увёў у эксплуатацыю сонечную "электрастанцыю" на даху ўласнага лагістычнага цэнтра ў Пінску. «Зялёны» комплекс — адзін з самых энергаэфектыўных у краіне.
Першыя месяцы сонечная электрастанцыя працавала ў тэставым рэжыме, а зараз пераведзеная ў прамысловую эксплуатацыю. Штогод яна будзе даваць каля 240 тыс. кВт/г, што робіць яе адной з самых эфектыўных у краіне. Усё дзякуючы высокай вытворчасцi электраэнергіі з кожнага кілавата абсталявання.
Новы комплекс надае Пінскаму філіялу кампаніі чарговы экамаркер. Ён зменшыць спажыванне энергіі з неаднаўляльных крыніц і дазволiць істотна скараціць вугляродны след вытворчасці. Выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу, напрыклад, будуць знiжаныя больш чым на 90 тон на год. Для будаўніцтва "зялёнай" электрастанцыі скарыстаныя 370 сучасных сонечных панэляў з высокім ККД, злучаныя ў ланцугі — па 15-16 панэляў у кожнай. Вытворца — кітайская кампанія Einnova Solarline. Модулі плошчай 2,58 м.кв кожны — двухбаковыя: пярэднім бокам прымаюць сонечныя прамяні з неба, а тыльным — адлюстраваныя. Сеткавыя інвертары ад Kehua Tech пераўтвараюць іх у "прамысловую" электрычнасць напругай 400 вольт.
У ясны дзень прадукцыйнасцi комплексу хопіць, каб забяспечыць работу цэлай кампрэсарнай. Дарэчы, прыватнаму жылому дому такой колькасці электраэнергіі хопіць на 3 месяцы.
Сонечныя панэлі ўсталяваныя на плоскім даху лагістычнага цэнтра вытворчага філіяла кампаніі. Пляцоўка падышла ідэальна: на ёй мінімум вентыляцыйных шахт, паветраводаў і трубаправодаў, а паблізу няма канструкцый, якія даюць цень. Атрымаўся наглядны прыклад, як эфектыўна выкарыстоўваць існуючыя аб'екты нерухомасці.
Для мантажу распрацавалі спецыяльныя сістэмы, якія не парушаюць цэласнасцi даху. Яны дазволілі даcягнуць аптымальнага градуса нахiлу модуляў да гарызонту, атрымлiваючы максiмум электраэнергіі на працягу года. Канструкцыі ўжо прайшлі праверку трываласцi зімовым надвор'ем і ўраганным ветрам.
Паводле разлікаў, новы комплекс цалкам акупіцца цягам 4 гадоў. І гэта толькі частка аднаго з доўгатэрміновых экалагічных праектаў групы кампаній SANTA. Так, 3 сонечныя станцыі ўжо працуюць на гандлёвых аб'ектах "Санта Рытэйл", яшчэ адна — на даху складскога комплексу "Санта Брэмар" у Брэсце.
«Экалагічная адказнасць – адзін з прынцыпаў устойлівага развіцця, на якіх сёння заснаваная праца сучаснага бізнэсу, – адзначае намеснік кіраўніка дэпартамента тэхнічнага развіцця групы кампаній SANTA Дзмітрый Сіндзель. — Падчас распрацоўкi і рэалізацыі кожнага з праектаў групы кампаній — будаўніцтве новых аб'ектаў, рэканструкцыi, мадэрнізацыi вытворчасці, мы зарыентаваныя на клопат аб экалогіі, лепшы сусветны досвед. Спадзяемся, што запуск новай сонечнай электрастанцыі таксама ўнясе свой станоўчы ўклад у захаванне навакольнага асяроддзя і дасць магчымасць вывесці энергаэфектыўнасць вытворчасці на новы ўзровень».
У групе кампаній SANTA плануюць працягваць развіццё "зялёнай" энергетыкі. Нягледзячы на меркаванне, што клімат у Беларусі не самы сонечны, гэты напрамак з'яўляецца перспектыўным для інвестыцый, накіраваных на паляпшэнне экалогіі.