У г. Іванава ўвялі ў эксплуатацыю комплекс па ачыстцы сцёкавых вод. Яго запусціла ААТ “Савушкін прадукт”

26.07.2022

  ААТ “Савушкін прадукт” увяло ў эксплуатацыю высокаэфектыўныя ачышчальныя збудаванні сцёкавых вод на сваім вытворчым філіяле ў г. Іванава. Поўны комплекс ачысткі праходзіць увесь сцёк, які паступае ад вытворчасці па глыбокай перапрацоўцы малочнай сыроваткі.  

Комплекс ачышчальных збудаванняў максімальна эфектыўны і сучасны. Ужытая тут тэхналогія з выкарыстаннем Мембраннага Біярэактара (МБР) дазволіла кампактна размясціць ачышчальныя збудаванні на тэрыторыі прадпрыемства, а таксама забяспечыць глыбокую ачыстку прамысловых сцёкаў прадпрыемства.

На першым этапе вытворчы сцёк праходзіць механічную ачыстку, вызваляючыся ад цвёрдых рэчываў і механічных забруджвальнікаў. Далей сцёкавыя воды падвяргаюцца фізіка-хімічнай ачыстцы, дзе з іх выдаляюцца злучэнні азоту, фосфару, тлушчы і іншыя біялагічныя забруджвальнікі. Пасля гэтага ў справу ўступае біяачыстка: спецыяльныя бактэрыі натуральным чынам знішчаюць астатнія забруджвальнікі. На апошнім этапе сцёкавая вада праходзіць праз мембраннае сіта, дзе адбываецца фінішнае фільтраванне сцёкавых вод. Дзякуючы такой сістэме ачысткі на выхадзе атрымліваецца вада, якая адпавядае самым жорсткім нормам, што прад’яўляюцца да прамысловых сцёкаў. Гэта ўжо вада, прыдатная для скіду ў прыродныя водныя аб’екты.

Усе працэсы ачысткі працякаюць у закрытым рэжыме – усярэдзіне вытворчага комплексу. Комплекс абсталяваны магутнай сістэмай вентыляцыі, што прапускае ўсё паветра, якое вызваляецца, праз адмысловы біяфільтр, чысцячы яго ад старонніх пахаў. Гэта дазваляе захаваць свежае паветра на тэрыторыі вытворчасці і вакол яе.

“Беручы пад увагу, што наша вытворчасць знаходзіцца побач з жылой забудовай, мы шукалі лепшыя сусветныя практыкі будаўніцтва ачышчальных збудаванняў у падобных умовах. Пры гэтым забеспячэнне высокай ступені экалагічнасць і гарантыя захавання навакольнай прыроды былі на першым плане. І ў нас гэта атрымалася. Сёння наш новы комплекс здольны за суткі чысціць да 2100 тон сцёкавай вады любой ступені забруджвання. Мы шчыра рады, што зрабілі свой чарговы крок па захаванні і рацыянальным выкарыстанні водных рэсурсаў нашай планеты”, – адзначаюць у кампаніі “Савушкін прадукт”.

ААТ “Савушкін прадукт” – адзін з найбуйнейшых вытворцаў натуральнай малочнай прадукцыі і сыроў у Беларусі. У суткі кампанія перапрацоўвае больш за 4000 тон свежага малака кароў, а таксама ўсю падсырную і тварожную сыроватку, з пабочнага прадукту вытворчасці ператвараючы яе ў высакаякасны і запатрабаваны на сусветным рынку прадукт. Экспартны рынак сухой сыроваткі кампаніі складае каля 20 краін блізкага і далёкага замежжа.