
Пляцоўка па вытворчасці папулярных свежых сыроў «Савушкін-Орша» з 1 красавіка 2025 года афіцыйна змяніла свой юрыдычны статус і ўвайшла ў склад ААТ «Савушкін прадукт» у якасці вытворчага філіяла.
У кампаніі паведамілі, што рашэнне аб рэарганізацыі было прынята для аптымізацыі (спрашчэння) структуры кіравання, павышэння эфектыўнасці вытворчасці і ўмацавання пазіцый на рынку.
ТАА «Савушкін-Орша» было створана ў 2018 годзе на базе стратнага малочнага камбіната. Прадпрыемства, калектыў якога на момант далучэння складаў 382 чалавекі, знаходзілася ў цяжкім фінансавым становішчы. Узровень зносу абсталявання перавышаў 80%, а максімальныя магутнасці перапрацоўкi складалі да 200 тон малака ў суткі.
Інвестыцыйны праект у Оршы стаў адным з найбольш маштабных для кампаніі за апошняе дзесяцігоддзе: у перабудаўніцтва і мадэрнізацыю пляцоўкі «Савушкін» выдаткаваў каля 90 млн. $ (без уліку кошту пакупкі).
Гэта дазволіла ў кароткі тэрмін стварыць сучасную вытворчасць, новыя камфортныя працоўныя месцы і наладзіць выпуск запатрабаваных рынкам прадуктаў.
Сёння «Савушкін-Орша» перапрацоўвае каля 330 тон малака. Тут вырабляюць свежыя сыры пад брэндамі SVEŽA і «Савушкін»: фету, брынзу, адыгейскі, мацарэлу, сулугуні і іншыя – каля 30 тон у суткі.
На аршанскім заводзе працуюць 480 чалавек, для якіх створаны максімальна камфортныя ўмовы: вытворчы працэс практычна цалкам выключае ручную працу, ёсць добра абсталяваны і ўкамплектаваны медперсаналам медпункт, буфет-кулінарыя, сталовая.
«Рэарганізацыя стане новым, натуральным, этапам развіцця для пляцоўкі», – падзяліліся планамі ў галаўным офісе кампаніі «Савушкін». Новы філіял у Оршы плануюць развіваць і далей, а значыць, і ствараць новыя працоўныя месцы для жыхароў горада і рэгіёну.